Внимание! Информация на сайте не обновляется с 2016г. Актуальную информацию смотрите на сайте povestka.by

Вайсковыя боты ці халат санітара?

У Беларусі ідзе абмеркаванне закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе

Неўзабаве ў беларускіх хлопцаў з’явіцца альтэрнатыва арміі — грамадзянская служба. І тым, хто па нейкіх прычынах не хоча абараняць Радзіму са зброяй, будзе прапанавана паслужыць ёй у шпіталях, дамах састарэлых ці лясгасах.

Якім можа быць закон у Беларусі? Хто зможа скарыстацца правам альтэрнатыўнай службы? Які тэрмін найлепшы для альтэрнатыўшчыкаў?

Сваімі меркаваннямі з чытачамі «Звязды» дзеляцца ўдзельнікі Міжнароднай канферэнцыі «Грамадзянская служба ў краінах Еўропы і рэгіёне СНД: гісторыя, мадэлі, стандарты. Перспектывы развіцця грамадзянскай службы ў Беларусі».

Па словах яе ўдзельнікаў, у нашай краіны ёсць унікальны шанц пазбегнуць памылак краін, дзе альтэрнатыўная служба існуе досыць працяглы час.

Ці патрэбны Беларусі альтэрнатыўшчыкі?

Алена Танкачова, старшыня праўлення «Цэнтра прававой трансфармацыі», г. Мінск:

— Я доўгі час не разумела, чаму канстытуцыйнае права на альтэрнатыўную службу не пашырана законам. Гэта нейкая боязь таго, што вялікая колькасць людзей пачне карыстацца гэтым правам. Чаму? Таму што досвед нашых суседзяў з Расійскай федэрацыі паказвае, што пры рэалізацыі ў заканадаўстве гэтага права не такія ўжо і масавыя ўцёкі і назіраліся. За мінулы год 250—300 чалавек на ўсю РФ.

Наконт сацыяльных патрэбаў. Мы звярнуліся да ўсіх тэрытарыяльных цэнтраў, да службаў аховы здароўя і да ўсіх лясгасаў як месцаў будучага праходжання альтэрнатыўнай грамадзянскай службы (АГС). Звярнуліся з пісьмовай просьбай даць інфармацыю: ці гатовыя вы прымаць альтэрнатыўных служачых у выпадку, калі такі інстытут будзе створаны ў нашай краіне? Мы атрымалі адказы ад прыкладна 20 працэнтаў рэспандэнтаў. На працягу 2-х месяцаў у мяне была інфармацыя пра 115 месцаў, куды можна адправіць людзей праходзіць АГС. Гэта раённыя бальніцы, якія адказвалі, што ім патрэбны дворнікі, вадзіцелі.

Я думаю, што грамадскія арганізацыі, у прыватнасці, грамадскія арганізацыі інвалідаў, маглі стаць часткай сацыяльнага заказу. І тут магла б спрацаваць звязка паміж дзяржаўнымі задачамі і тымі задачамі, якія вырашаюць людзі, аб’ядноўваючыся ў грамадскія арганізацыі.

Сяргей Драздоўскі, старшыня асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, Беларусь:

— Я прадстаўляю меркаванне інвалідаў… Хачу сказаць, што ў сваёй дзейнасці мы нярэдка звяртаемся да дапамогі сваіх нямецкіх партнёраў, якія праходзяць альтэрнатыўную службу ў Беларусі. І, як ні дзіўна, нам перыядычна дапамагаюць салдаты. Часцей за ўсё гэта даводзіцца рабіць па асабістым пагадненні з камандзірамі часцей. Мы ўсе выдатна разумеем, што гэта не зусім тыя функцыі, якія павінны выконваць салдаты. І нам не зусім з імі зручна працаваць. Аднак хачу дадаць, што гэта самыя старанныя людзі, якіх я сустракаў…

Каму «свеціць» альтэрнатыва?

Герман Алёткін, дырэктар Цэнтра міратворчых і праваабарончых дзеянняў, Расія:

— Еўрапейскі сэнс АГС — права служыць не ў арміі па перакананнях. Грамадзянін выбірае самастойна, браць яму ў рукі зброю або ісці служыць у шпіталь. У расійскай мадэлі права на альтэрнатыўную грамадзянскую службу (закон аб АГС існуе ў Расіі сем год — заўв. аўт.) прадастаўляецца па любых прычынах. Больш за тое, замацоўваецца пэўная катэгорыя грамадзян, што адносяцца да народаў з малой колькасцю. Проста таму, што яны адносяцца да гэтай групы народаў, ім прапаноўваецца АГС. Права на свабоду сумлення ў такім выпадку рэалізуецца. У нас былі прапановы, каб прадаставіць права на АГС тым, хто працуе на будоўлі, абаронных прадпрыемствах. Аднак у гэтым выпадку спустошваецца сам сэнс АГС. Дзяржава проста пачынае рэгуляваць плыні працоўнай сілы, і перакананні тут ніякай ролі не адыгрываюць. У такой сістэме, калі за чалавека будзе вырашаць дзяржава, на свабоду перакананняў не застанецца месца.

Алена Танкачова:

— Я не ведаю, з якім тэкстам працуе камісія па распрацоўцы закона ў Беларусі цяпер, але мне ў рукі патрапіў тэкст закона, які распрацоўваўся 4—6 гадоў таму. Законапраект кажа пра даказванне перакананняў. Я чытала справаздачу пра адзін судовы працэс над прызыўніком, які адмаўляўся служыць у арміі згодна з рэлігійнымі перакананнямі. Пракурор казаў: «А чым вы дакажаце, што прадстаўнікі вашай канфесіі дакладна не маюць установак на тое, каб служыць. А чым вы дакажаце, што вы вернік?» Патрэбна стаяць, напрыклад, перад прызыўной камісіяй, і даказваць, што ты вернік.

Два ці тры гады мыць падлогу

— Мы, напрыклад, схільныя лічыць, што тэрмін альтэрнатыўнай грамадзянскай службы можа быць большы, чым вайсковы, — выказваецца спадар Алёткін. — Таму што альтэрнатыўшчыкі ўсё ж працуюць па восем гадзін, а ваенныя — 24 гадзіны ў суткі. Але некаторыя ваенныя пералічваюць тэрмін АГС проста памнажэннем на тры. Апошняя пужалка, якую расказваюць у расійскіх ваенкаматах, калі чалавек падае заяву на АГС. Маўляў, мы цябе адправім на чатыры гады ў Чачню санітарам працаваць. Аднак такі пералік няправільны. Пры зніжэнні тэрміну вайсковай службы да года паўтара года альтэрнатыўнай будзе дастаткова нармальным.

— Тэрмін праходжання АГС у беларускім праекце закона ў два разы большы, чым тэрмін праходжання вайсковай службы. Гэта не павінна быць рэалізавана, на наш погляд, — кажа Алена Танкачова.

Дэрэк Брэт, прадстаўнік ААН, Швецыя:

— Тут павінны быць прапісаны дакладныя патрабаванні да альтэрнатыўшчыкаў. АГС не павінна прымацца дыскрымінацыйна. І Еўрапейская камісія па правах чалавека прызнала, што любыя падаўжэнні тэрміну службы павінны быць аб’ектыўна апраўданымі… Мы павінны памятаць пра спыненне абавязковага прызыву ў армію на карысць стварэння прафесійнай арміі.

Прызыўнік павінен ведаць пра АГС

— Закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе, што прыняты ў СНД, не абавязвае інфармаваць ваенныя ведамствы пра магчымасць праходжання АГС, — кажа Герман Алёткін. — У Расіі, дарэчы, так і ёсць. Малады чалавек прыходзіць у ваенкамат, а пасля звяртаецца да нас з пытаннем, адкуль ён павінен быў ведаць? А ваенкаматы адказваюць, што не абавязаны былі інфармаваць. У ідэале гэта рэалізавана ў Германіі. Там прызыўнік на стадыі пастаноўкі на вайсковы ўлік атрымлівае буклет пра альтэрнатыўную службу, правы прызыўніка і вайсковую службу. Ён у 16—17 гадоў паглядзіць на гэтыя буклеты, параіцца з бацькамі і ўсвядомлена зробіць выбар. Гэта здымае шмат якія пытанні. Таму што ні адна дзяржава не зацікаўленая, каб пасля лавіць гэтых прызыўнікоў, саджаць іх і г.д.

Міжнародныя рэкамендацыі

Міжнародныя эксперты са Швецыі, Расіі, Малдовы, Арменіі, Азербайджана, Таджыкістана, што ўдзельнічалі ў канферэнцыі, выпрацавалі наступныя рэкамендацыі для беларускіх заканатворцаў:

— рэкамендавана сацыяльная, працоўная мадэль арганізацыі службы, выключаючы службу ў ваенізаваных падраздзяленнях любога тыпу;

— тэрмін грамадзянскай службы не павінен быць дыскрымінацыйным;

— арганізацыя грамадзянскай службы павінна ажыццяўляцца пераважна па месцы жыхарства;

— арганізацыяй і кантролем за праходжаннем грамадзянскай службы павінна займацца асобная дзяржаўная ўстанова (упраўленне), не падпарадкаванае Міністэрству абароны;

— грамадзянская служба падаецца ў якасці свабоднага выбару ў сілу шырокага спектра перакананняў — не толькі па перакананнях сумлення;

— пра перакананні неабходна заявіць у адпаведнасці з вызначанай працэдурай, але іх не трэба даказваць.

Па даручэнні Прэзідэнта краіны ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі створана спецыяльная працоўная група па распрацоўцы законапраекта. Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, група адкрытая для супрацоўніцтва з грамадскасцю. На гэта спадзяюцца таксама і ўдзельнікі Міжнароднай канферэнцыі.

Афіцыйна:

1. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Высоцкі:

— Я згодны з тым, што момант сацыяльнага заказу наступіў. І закон аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе быць павінен. Саспела сітуацыя. Які будзе закон, мы сказаць не можам. Пакуль ён дапрацоўваецца. Будзе ўключана і статыстыка, і сацыяльныя меркаванні. Я хацеў бы сказаць, што нават з пункта гледжання ўзаемаадносінаў грамадзяніна і дзяржавы мы маем аднолькавую адказнасць. Як грамадзянін перад дзяржавай, так і дзяржава перад грамадзянінам. Паколькі дзяржава дае правы грамадзяніну, і ён павінен для дзяржавы нешта зрабіць… Вы ж зразумейце, што пад кожнага закон не напішаш, ён кагосьці будзе задавальняць, а кагосьці не. Я рады, што патрапіў на гэтую канферэнцыю, мне многае стала зразумела. Дзякуй.

2. Палкоўнік Андрэй Карасёў, намеснік ваеннага камісара Мінскай вобласці, начальнік аддзела прызыву:

Па рэлігійных матывах у нас у армію не прызываецца, магчыма, чалавек 100—150 на ўсю рэспубліку. І зноў-такі не стаіць пытанне, што гэтыя людзі не патрэбныя арміі. Чаму б іх не накіроўваць у часці, каб яны там прыбіралі вуліцы, гатавалі ежу, мылі сталовы посуд? Як заўгодна можна выкарыстоўваць. А тыя хлопцы, што служаць са зброяй, больш часу аддавалі б на баявую падрыхтоўку. Варыянтаў можа быць вельмі шмат.
Матэрыял — газета «Звязда»