Дэмбельскі альбом

34army

Ю ін зэ амі наў?
Звычайны салдат УС РБ, альтэрнатыўшчык з Нямеччыны і жаўнерка з Ізраілю ўзгадваюць, як гэта – “родзіне служыць”.
Прызыўная кампанія ў Беларусі скончылася. Хутка з казармаў пачнуць выходзіць на гражданку дзяды. Мы распыталіся ў экс-стараслужачых беларускага, нямецкага і ізраільскага войскаў – як яно было?

1. Што ты чуў пра армію да прызыву?
2. Твае першыя 100 дзён, 6 месяцаў, год службы — чым яны адрозніваліся адзін ад аднаго?
3. У цябе на службе была дзедаўшчына?
4. Армія — гэта страчаны або набыты шанец для цябе?

ВІКТАР ЛАШКАРОЎ

Жыве ў Менску. Служыў у в/ч 92616, 38-я асобная гвардзейская мабільная брыгада. Тэрмін службы – 2007-08 гг.

1. У армію я ішоў ужо пасля ўнівера. Ішоў асэнсавана. Таму стараўся сабраць як мага больш інфармацыі.

Армія мне ніколі не ўяўлялася як санаторый. Панылы побыт у панылых казармах, дзедаўшчына ад бяздзейнасці, гаспадарчыя работы, што пераважаюць над баявой падрыхтоўкай.

2. Амаль нічым. Месяцы службы зліліся ў адзін аднастайны перыяд, з кароткімі момантамі яркіх успамінаў (вучэнні, палявыя выхады, асобныя дні). Армія прадугледжвае строгі распарадак дня, а гэта – аднастайнасць.
Можна вылучыць толькі каранцін (першыя 3 тыдні), які застаўся ў памяці са знакам плюс, як “армія, якой яна павінна быць”. Чалавек да ўсяго прывыкае: праз пару месяцаў жыццё ў казарме становіцца нормай.

3. Дзедаўшчыны ў абыватальскім разуменні амаль не было. Хапала пазастатутных традыцый, якія таксама нярэдка зневажаюць годнасць і больш падобныя на зонаўскія парадкі. Ад чалавека залежыць, наколькі ён будзе прытрымлівацца правіл гульні. Галоўнае – “не глушыцца”.
Дзедаўшчына пачынаецца на грамадзянцы. Праблема дзедаўшчыны — гэта праблема грамадства, армія толькі дае добрую глебу. У мяне былі частыя канфлікты з стараслужачымі, але назваць гэта дзедаўшчынай нельга.

4. У мяне дастаткова ўнутраных рэзерваў і рэсурсаў, каб нават не разглядаць армію як шанец. Але я не лічу гэты час страчаным. Пасля праходжання службы падвысіліся ўнутраная самаацэнка, павага да самаго сабе, упэўненасць у сабе, жыццёвая упартасць.

ЛЕННАРТ (J., LENNART)

Зараз жыве ў Брэмене. Альтэрнатыўную службу праходзіў там жа, з верасня 2008 па травень 2009.

1. Мой тата праходзіў альтэрнатыўную службу ў 1975 годзе ў больніцы. З ранняга дзяцінства я ведаў, што ў Нямеччыне ёсць магчымасць замяніць вайсковую службу альтэрнатыўнай. І заўсёды ведаў, што хачу. Мой брат праходзіў альтэрнатыўную службу ў Берліне, працуючы ў доме для людзей з абмежаванымі псіхічнымі магчымасцямі. Той час быў вельмі істотным і паўплываў на ўсё яго жыццё.

 

2. Я праходзіў альтэрнатыўную службу ў Брэмене, у Lebenshilfe. Lebenshilfe — гэта арганізацыя, якая дапамагае людзям з абмежаванымі псіхічнымі магчымасцямі арганізаваць сваё жыццё, знайсці дом, працу.

Пераезд у Брэмен стаў пачаткам самастойнага жыцця. Першыя 3 месяцы праца мне вельмі падабалася. Я працаваў з вельмі добрай камандай і ў атмасферы, дзе сапраўды стаў незалежным. Я сам вырашаў, што хачу рабіць, меў шмат свабоды. Пачуццё фінансавай свабоды ад маіх бацькоў – гэта было крута. Я нават меў сваю кватэру, за якую плаціла дзяржава.

Апошнія некалькі месяцаў службы праходзілі ў Менску.

3. ?

4. Мая альтэрнатыўная служба была сапраўды карыснай. Я шмат чаго даведаўся пра жыццё, служба дапамагла мне набыць вельмі важныя сацыяльныя кампетэнцыі. Ніколі не буду шкадаваць пра той час.

КАЦЯ ПЕРЛІНА

Жыве ў Тэль-Авіве, служыла ў 1998-2000 (год і дзевяць месяцаў).

1. Напярэдадні прызыву я высветліла пра войска ўсё, што было рэальна высветліць. Мяне крыху палохалі, але я ведала: у Ізраілі войска больш падобнае да летніка, чым да турмы.

Я дакладна ведала, што пайду ў сувязь. Адно што не ведала, у якой частцы буду служыць. Спадзявалася, што гэта будзе не дужа далёка ад дома і што навокал будуць нармальныя людзі.

2. Першыя два тыдні – курс маладога байца (КМБ), на закрытай базе. Куча дзяўчынак, па восем у пакоях вялізнага будынка. На ўсіх, напэўна, чатыры душавых (нічога, перажылі). Было весела, усе перазнаёміліся, пляткарылі.

Калі нас не выпусцілі дахаты на ўікэнд, усе жудасна засмуціліся, але вельмі хутка народ знайшоў сабе ўсялякія заняткі.

Пасля КМБ былі курсы тэхпадтрымкі. Для мяне не вельмі цікавыя, бо я амаль усё гэта ведала са школы. Курс быў штодня з 8-й раніцы да 10-й вечара, спаць мы ездзілі дахаты. Часам былі дзяжурствы па ахове базы. Было весела.

На КМБ і на курсе паміж персаналам і курсантамі захоўваецца дыстанцыя: трэба звяртацца да інструктарам па званні і прытрымлівацца субардынацыі. Але пасля таго, як трапляеш у сваю пастаянную частку, ніякай дыстанцыі няма. Бываюць паблажкі для стараслужачых, але нічога сур’ёзнага.

3. Ні пра якую дзедаўшчыну няма і гаворкі. КМБ – гэта звычайны летнік; курсы – звычайныя курсы, можа, крыху паінтэнсіўней. А сама служба — як звычайная праца.

4. Армія — набыты шанец, адназначна. Я многаму навучылася і завязала шмат карысных сувязяў. Урэшце, дзякуючы арміі і набытай тэхпадрыхтоўцы я знайшла сваю першую неблагую працу.

Паводле 34mag.net